Трэцяя ўзнагарода конкурсу эсэ “Жанчыны – мы разам!”
Журы вырашыла ўзнагародзіць працу за тое, што яна адлюстроўвае жаночасць Беларусі і прапаноўвае глыбокія інтэлектуальныя разважаннi.
Яраслава Ананка
Мова-немаўля
У 2011 годзе я апынулася на адной з пастановак «Свабоднага тэатру» ў Мінску. У гэтым спектаклі пра беларускую сэксуальнасць прагучала адна метафара аб плоскасці і бясполасці Беларусі. Жаноцкасць любой краіны вызначаецца яе рэльефам: горы і моры прыпадабняюцца да выгінаў жаночага цела, чым круглявей і выразней ландшафт, тым паўнавартасней для сваіх жыхароў паўстае краіна ў выяве жанчыны-маці ці жанчыны-каханкі. Раўнінная, роўная Беларусь, у якой няма нават самага маленькага выхада да мора, здаецца неразвітай дзяўчынкай-падлеткам, што не ведае сваёй жаночай прывабнасці і моцы. І не дзіва, што горыста-марскія «старэйшыя» суседкі з усходу і захаду на працягу стагоддзяў спрабавалі ўзяць нядбайнае дзіця пад сваё дасведчанае жаночае крылца.
Я часта ўспамінала гэты вобраз падчас вучобы ў Маскве, калі русскія сябры згортвалі кожную размову аб Беларусі да ласкавага паляпвання мяне па плячы: «Ну что же ты отделяешься! «У нас», «у вас»... Вы же наши!». Я ведала тады, што за гэтымі словамі стаіць добрая падтрымка, шчырае жаданне, каб я не лічыла сябе чужой у Расіі. Аднак я смутна адчувала сябе тым самым недаразвітым падлеткам, якога прытуляе да сваіх неабсяжных грудзей бучная, уладная, нафарбаваная жанчына і абяцае навешаць на мяне свае завушніцы, задарыць багатымі сукенкамі і наогул навучыць, як зрабіцца такой жа самаздаволенай прыгажуняй. Унутры мяне мімаволі прачынаўся падлеткавы пратэст – прага, у першую чаргу, быць сабой, расці і развівацца самастойна. Мне хацелася тады быць прынцыпова чужой і асобнай, каб нават мае сябры не забывалі, што я з іншай краіны і інашага кантэксту.
У сучаснай культуры часта спрабуюць штучна «пастарыць» Беларусь. Чамусці традыцыйна для сцвярджэння права на сваю ідэнтычнасць лічыцца неабходным падаць бясспрэчныя гістарычныя доказы ўласнай «старажытнасці», якія сведчаць аб самастойнасці нацыі і мовы. Вось і атрымліваецца, што беларусы ў супрацьстаянні імперскай фанабэрыстасці выбіраюць інтанацыю апраўдвання і самі не заўважаюць, як ідэалізацыя, напрыклад, Вялікага Княства Літоўскага ці шматнацыянальнага дарэвалюцыйнага Мінска са зразумелага жадання «чуць віры свае» ператвараецца ў гістарычна і палітычна слабае абгрунтаванне «даросласці» і нацыянальнай індывідуальнасці.
Але, як мне здаецца, галоўная прыкмета незалежнасці – гэта якраз-такі адмова ад падобных апраўданняў і доказаў. Удумлівы і самакрытычны Андрэй Хадановіч, які іранічна назваў свою першую кнігу вершаў «Лісты з-пад коўдры», парадыруючы знакамітыя лісты Каліноўскага, у сваіх тэкстах абвяшчае: хопіць ужо лістоў з-пад шыбеніцы, хопіць гаварыць ад гэтага зборнага «мы» (нацыя, народ, адраджэнцы), прыйшоў час гаварыць ад сябе, ад першай асобы і пісаць прыватную асабістую літаратуру. Пакінем гэты надуманы калектывізм імперыям, няхай яны настальгуюць па гістарычнай «справядлівасці» і па «багатаму мінуламу».
Некаторыя постсавецкія літаратуры ў 1990-я і 2000-я стваралі таленавітыя антырасейскія тэксты, сентыментальна перапрацоўвалі розныя міфы, напрыклад, габсбургскі, ці на новы лад спявалі пра гістарычную закінутасць і правінцыяльнасць Сярэдняй Еўропы, а потым з гэткім экзатычным таварам гастралявалі па Еўропе Заходняй. Але гэтыя гульні зацягвалі, заводзілі ўсё далей ад рэчаіснасці, ад праблем самавызначэння, ад сучаснасці і надзённасці. Гістарычная памяць раптам аказваецца салодкай і спакуслівай амнезіяй. Кожная гістарызацыя, нават самая бяскрыўдная, хавае пад сабой ідэалогію, а любая ідэалогія – гэта падмена асабістага перажывання жыцця пафаснымі фантомамі былой велічы ці псіхалагічна ўтульнай ахвярнасці.
Вакзальныя зазывалы на турыстычная экскурсіі па Кіеве «рэкламуюць» свой горад як сталіцу маладой незалежнай дзяржавы. І мне падабаецца гэтая спантанная праява новай самасвядомасці Украіны. За даволі банальнай рэплікай я чую самаадчуванне значна больш складанае і жывое, чым за ідылічнымі гісторыямі аб старажытным украінскім народзе і яго непаўторным менталітэце. У такія моманты ВКЛ, БНР, БССР выразна выглядаюць для мяне безасабовымі абрэвіятурамі, годнымі толькі для настальгічнай міфатворчасці. А там, дзе ёсць настальгія, там і іпахондрыя, заганнае кола, якое засмоктвае як балота.
У гэтым сэнсе ідэя сённяшняй Еўропы – гэта спроба жыць не мінулым, а агульным сучасным, жыць рэчаіснасцю. І еўрапейскасць Беларусі – гэта, у першую чаргу, яе ранняя маладосць, цяжкая фаза зацягнутага пубертата – з усімі яго часам выродлівымі памылкамі, наіўнай дурасцю, неразважлівасцю, уразлівасцю, але і шчырасцю, чулай цягай да іншага.
Многія інтуітыўна адгадваюць гэты пубертатны стан краіны. На пачатку 2000-х Вальжына Морт напісала верш «Беларуская мова», які, на мой погляд, вельмі дакладна перадае нараджэнне і падлеткавае станаўленне Беларусі, беларускай мовы і тых, хто на ёй размаўляе (ці, няма чаго граху таіць, – пераважна не размаўляе). Гэтае станаўленне Морт разгортвае ў метафарах роднасці і бязродства. Маці (Беларусі) здаецца, што дачку (мову) падмянілі, замест яго – падкідыш, вылюдак, бастард, навязанае і невядомае дзіця, якое, у сваю чаргу, адчувае сябе сіратой пры жывой маці.
Вобразныя інсталяцыі ў тэксце дэманструюць розныя мадэлі ўспрымання і самаўспрымання беларускай мовы: «што ж табе зараз карміць чужое дзіця, / сваім малаком паіць мову чужую? / мову, што ляжыць сіняя на падваконьні, / ці мова гэта, ці шэрань леташняя, / ці шэрань гэта, ці толькі ад укрыжаваньня цень, / ці цень гэта, ці проста нічога». Пакінутая, ссінелая мова павольна растае як «леташні снег». Толькі што нарожданая, яна ўжо здаецца нікому не патрэбным анахранізмам. Магчымы сцэнарый знікнення мовы, яе смерці развіваецца ў смузе, у паўтрызненні, калі немагчыма адрозніць сілуэт немаўляці, і само яно раптам аказваецца крыжападобным ценем ад шыбы – і распластаным нежывым целам, і надмагільным крыжом адначасова. Дарэмна шукаць рэчыўны – візуальны, адчувальны – доказ жыццяздольнасці гэтай мовы. Яе няма. Адзіным пацвяржэннем, што беларуская мова жыве, аказваецца яе паэтычнае існаванне тут і цяпер – у кожным тэксце, напісаным, прамоўленым па-беларуску.
Гаворачы ад імя першага пакалення, якое вырасла ўжо ў незалежнай Беларусі, Морт пераносіць нонканфармізм, месцамі нават нігілізм сваіх юных герояў на мову. І гэтая мова ўжо не проста медыум пратэсту, але сам яго змест. Сам факт гаворкі па-беларуску з'яўляецца валявым грамадзянскім учынкам. «Мы былі супраць сьпёкі летам супраць сьнегу зімой / А калі аказалася што мы былі нашай мовай / І нам вырвалі языкі мы пачалі размаўляць вачыма». Калі ў пратэстоўцаў адымаюць мову, ці, як гаворыць Морт у сваёй метафорыцы гвалтоўнага пакарання – вырываюць язык, то адбываецца змушаны пераход на невербальныя спосабы камунікацыі і паказу сваёй нязгоды.
Калі развіваць метафару нараджэння далей, то выяўляецца, што слова «немаўля» этымалагічна ўтрымовоўвае гэтую няздольнасць да маўлення. Мова-немаўля – трагічны аксюмаран. Сённяшняе негаварэнне па-беларуску сімвалічна з'яўляецца няздольнасцю гаварыць наогул. Забытая, паўжывая мова ў шырокім сэнсе – гэта цяперашняя алегорыя несвабоды слова. Пасля разгону снежаньскага мітынгу ў 2010 годзе адзіна магчымымі пратэстнымі паводзінамі стала масавае выйсце на вуліцу без сімволікі і лозунгаў, выказванне сваёй пазіцыі маўклівымі апладысментамі, хоць і гэтая красамоўная немата, і гэтае крыклівае маўчанне неўзабаве было забаронена.
Жах такой сітуацыі Морт задоўга да гэтых падзей змадэліравала ў сваім тэксце: «І калі нашыя галовы з’елі жыўцом / Мы залезлі назад у чэравы нашых сьпячых маці / Як у бамбасховішчы / Каб нарадзіцца зноў». Фізічная інваліднасць пры нараджэнні, радавая траўма – паняцце медыцынскае – апыняецца, кажучы мовай псіхалогіі, антрапалагічнай траўмай нараджэння. У радку Каб нарадзіцца зноў мігціць слабая надзея на перараджэнне. Надзея памірае апошняй, і беларуская літаратура парой здаецца мне праніклівай стэнаграмай гэтага канання.
У тэксце Морт прынцыпова няма маскуліннага, а значыць сілавога, уладнага пачатку. Верш несвядома перагукваецца з выказваннем чулага беларускага філосафа Валянціна Акудовіча, які разважае пра рускамоўнасць беларускага ўрада: «Беларуская мова ў самой сабе не мае патэнцыялу ўлады, прынамсі, дастатковага, каб, карыстаючыся ёю, заваяваць і трымаць уладу над усёй краінай». Беларуская мова, не жадаючы быць мовай сілы, не можа быць мовай большасці. Выбар яе для паўсядзённай камунікацыі сёння з'яўляецца вольным свядомым рашэннем. І адначасова той, хто зрабіў гэты выбар, ужо адной сваёй гаворкай паказвае грамадству самую галоўную волю – волю выбару.
Беларусь і мова прыпадабняюцца малалетнім маці, якія нараджаюць слабых непаўнавартасных дзяцей, і ў пасляродавым шоку адмаўляюцца ад іх, як ад падкідышаў. Гэтая бязлітасная вобразнасць указвае на галоўную праблему адкрытай ідэнтычнасці, «кода адсутнасці» Беларусі, пра які піша Акудовіч.
Беларусі як быццам няма. Вось нямецкі фізік зусім сур'ёзна пытае мяне: «Чым адрозніваецца Беларусь ад Расіі?». Вось я еду ў электрычцы Брэст-Тэрэспаль з футбольнымі фанатамі Расіі, якія здзекуюцца над таджыкскім хлопцам, і калі нейкая дзяўчына робіць ім заўвагу, што яны знаходзяцца ў іншай краіне і тут ім не Масква, яны нахабна смяюцца ёй у твар. Вось я чытаю разумнага і дасведчанага Чэслава Мілаша, і нават ён, паляк з Літвы, чалавек па-еўрапейску думаючы, які тонка адчувае любы імперскі апломб, мімаходам заяўляе, што беларуская мова з'яўляецца толькі дыялектным мастком паміж мовамі рускай і польскай, і адводзіць маёй краіне такое звыклае месца буфернай зоны паміж сварлівымі суседкамі. Я заўсёды губляюся, калі сутыкаюся з падобнымі сітуацыямі. Тут патрэбен спакойны, пераканаўчы, дакладны адказ. Але ў мяне яго няма. Любая спроба пярэчыць апыняецца тым самым патэтычным апраўданнем, якое лье ваду на млын імперскай ганарыстасці.
Зрэшты, ёсць нешта, што безумоўна адрознівае Беларусь ад Расіі і робіць «буферную зону» жахліва самастойнай і абсалютна адасобленай ад усіх сваіх еўрапейскіх суседзяў.
Гэта – смяротнае пакаранне.
Я вельмі добра памятаю той дзень, калі я ехала ў Менск пасля растрэлу Ўладзіслава Кавалёва і Зміцера Канавалава і, мабыць, у першы раз так востра адчула перасячэнне мяжы, наогул – мяжу, якая адлучае гэтую дзяржаву, што па сённяшні дзень забівае па свайму вырашэнню, ад астатняга свету. Раптам у адзін момант я тады адчула сапраўднае дужае яднанне ўсіх беларусаў, і злучнай акалічнасцю аказалася зусім не мова і не Плошча, а агульная страшная віна, якую ні на каго не перакладзеш. У 1998 году, перад рэферэндумам мама ўпершыню загаварыла са мной пра смяротнае пакаранне смерцю. Цяпер яна не памятае, як прагаласавала тады, але нават калі яе адказ і быў сярод тых малых 20 % за адмену вышэйшай меры, сёння гэта ўжо не мае ніякага значэння. Мы ўсе нясём адказнасць за гэтыя і іншыя смерці. І тут ужо не важна на якой мове мы маўчым усе гэтыя гады.
Радавая траўма, пубертат, воля, праблема самавыяўлення (і моўнага, у тым ліку), гістарычныя калізіі – усе гэтыя выявы і шляхі мыслення, вядома, прываблівыя. Яны спакушаюць літаратуру, і эсэістыку (прыклад таму – дадзенае эсэ) аратарстваваць далей. Пра знікненне беларускай мовы ці пакаранне смерцю Каліноўскага напісана і будзе напісана шмат вершаў. Куды складаней казаць пра іншыя, сённяшнія пакаранні смерцю і маўчанне пра іх.
Незалежнай Беларусі ўжо 22 гады. Гэта па ўсіх законах паўналецце, і цяпер я здымаю са сваёй краіны гэтую маладушна зручную маску загнанага падлетка, пад прыгнётам і абаяннем якой я, як і многія іншыя, знаходзілася доўгі час. Калі ўжо і шукаць жаночае ўвасабленне Беларусі, то пасля таго самага пакарання смерцю, пасля таго страху, агіды і віны, якія я адчувала да сваёй радзімы, гэтая жанчына – Любоў Кавалёва. Маці, якая не адмовілася ад свайго дзіцяці, абвінавачанага ў жахлівым злачынстве, і да апошняга спрабавала яго выратаваць.
Медыя- партнёры: